24.02.2025
Пад ветразем роднай мовы
Радасна, што ў Талачынскім раёне стала цудоўнай традыцыяй штогод ладзіць беларускамоўны конкурс “Паэтычны ветразь”. Дваццаць восем юных аматараў роднага слова ў розных намінацыях прадставілі творчасць паэтаў-юбіляраў: Міхася Лынькова, Францішка Багушэвіча, Аляксея Дударава, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна. Гэта было сапраўднае свята літаратурнай мовы продкаў, якая годна гучала са сцэны ДУА “Сярэдняй школы № 2 г. Талачына”.
Хочацца выказаць шчырую падзяку руплівым настаўнікам, якія рыхтавалі вучняў-дэкламатараў, спевакоў, вядучых, юных творцаў-літаратараў. Толькі іх педагагічнае майстэрства і ўлюбёнасць у роднае слова з’яўляецца выратавальным каўчэгам для мовы зямлі пад белымі крыламі.
“Дзень роднай мовы – нагода для нас, беларусаў,задумацца аб лёсе мовы, на якой размаўлялі продкі, якую мы завём роднай. Нагода ўшанаваць паэтычнае слова Коласа і Купалы. І мне сёння пашчасціла пабываць на такім свяце, дзе кранула душу шчымлівае беларускае слова кожнага ўдзельніка”, - сказала загадчык аддзела па адукацыіТалачынскага райвыканкама Валевіч Алена Васільеўна, якая ўрачыста павіншавала ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу.
У намінацыі “Нам засталася спадчына”, у якой юныя талачынцы прадэманстравалі свае дэкламатарскія здольнасці, граматамі за першае месца ўзнагароджаны вучні Коханаўскай СШ Зубоўская Ульяна (настаўнік Бераснякова Ж.Л.) і Лаўрэнава Ева (настаўнік Чырун В.М.), вучаніца СШ №2 Яскевіч Ульяна (настаўнік Бірукова Н.В.). Другое месца ў гэтай намінацыі ў вучаніцы Коханаўскай СШ Абчугскай Эліны (настаўнік Арэхава А.С.), вучня СШ №2 Замасцьяніна Рамана (настаўнік Абухова Т.А.), вучня Славенскай СШ Марцынкевіч Антона (настаўнік Акулёнак І.А.). Уладальнікамі трэцяга месца сталі вучань СШ №1 Анташкевіч Уладзіслаў (настаўнік Спаткай А.Ф.), вучаніца Коханаўскай СШ Сідаровіч Яна (настаўнік Далідовіч В.У.), вучаніца СШ №1 Будкевіч Арына (настаўнік Будкевіч Н.М.) і вучаніца Усвіжбукскай БШ Матошка Ксенія (настаўнік Пыжык А.М.).





У дадзенай намінацыі хочацца асабліва адзначыць самую юную ўдзельніцу, вучаніцу 3-га класа Яскевіч Ульяну, якая з асаблівай утрапёнасцю і шчырасцю чытала ўрывак з апавядання А. Дударава “Буслы”. З першай хвіліны выступлення гэта маленькая дзяўчынка захапіла ўсю залу сваёй абаяльнасцю і недзіцячым талентам артыста. А вось здольнасці васьмікласніцы Зубоўскай Ульяны, якая ў мінулым годзе стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”, сёлета ізноў прымусілі заплакаць гледачоў, бо дзяўчынка па-майстэрску “пражыла” на сцэне трагічны лёс героя з апавядання М.Лынькова “Васількі”. Поспехаў вам, Ульянкі, у гэтым навучальным годзе на самым важным конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка”!
У намінацыі “Лепшы паэтычны твор” старшакласнікі пісалі водгукі і эсэ на творы класікаў-юбіляраў. Дыпломамі першай ступені ўзнагароджаны вучаніца СШ № 2 Іўчанка Кацярына (настаўнік Каркоцкая С.П.), вучань Коханаўскай СШ Зубоўскі Іван ( настаўнік Бераснякова Ж.Л.) і вучаніца СШ №1 Будкевіч Арына (настаўнік Будкевіч Н.М.). Віршыц Марыя, вучаніца СШ № 3 заняла другое месца (настаўнік Пляскач С.І.).
Радасна, што сярод аматараў высокага паэтычнага слова, вылучыўся сваім талентам адзінаццацікласнік Коханаўскай СШ Гарачаў Ілья (настаўнік Бераснякова Ж.Л.), які напісаў пранікнёны верш-пісьмо “Мой Рыгор Барадулін” і атрымаў першае месца ў намінацыі “Лепшы паэтычны твор”.
Як бачым, сёлетні “Паэтычны ветразь” быў сапраўдным трыумфам для вучняў ДУА “Коханаўская сярэдняя школа імя І.П.Кожара Талачынскага раёна”, якія прывезлі ў родную школу шэсць узнагарод, чатыры з якіх – найвышэйшага гатунку.
Уласна, галоўным у гэтым конкурсе была яе вялікасць Мова, непаўторная, унікальная, родная. Менавіта ўсведамленне еднасці з Радзімай, народам, яе культурай і стала тым ветрыкам, які надзьмуў ветразі паэтычнага слова беларусаў. Менавіта на такіх святах глыбей разумееш, чаму так светла завецца наша зямля і што абуджае беларуса да творчасці на роднай мове.

Бераснякова Жанна Леанідаўна, настаўнік ДУА “Коханаўская сярэдняя школа імя І.П.Кожара Талачынскага раёна”