Педагагічны вопыт. Бірукова Н. В.

Отдел по образованию  Толочинского районного исполнительного комитета

Русский
Карта сайта Электронное обращение На главную

Меню

Главная
Проход по ссылкам навигации

Календарь новостей

<<Июль, 2018>>
пнвтсрчтптсбвс
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Горячие новости


10.07.2018
Об итогах областного конкурса методических материалов по гражданско-патриотическому воспитанию на православных традициях белорусского народа

подробнее...

05.07.2018
В ГУО «Средняя школа №1 г.Толочина» с 4 по 23 июня действовал школьный оздоровительный лагерь «Солнышко» нравственно-эстетической направленности с дневным пребыванием учащихся нашей школы.

подробнее...

05.07.2018
ПРИГЛАШАЕМ К ПУБЛИКАЦИИ В СБОРНИКЕ НАУЧНЫХ ТРУДОВ АКАДЕМИИ

подробнее...

04.07.2018
Закрытие палаточного лагеря "РИТМ" в ГУО «Заболотская средняя школа Толочинского района»

подробнее...

13.06.2018
Каникулы с пользой.

подробнее...

Контактная информация

Адрес: Витебская область, г.Толочин, ул.Ленина, 1, 211092
Телефон/факс: 2 17 72
Электронная почта: roo.tolochin@tut.by

статистика посещений

Яндекс.Метрика

 

Скачать данный материал 

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №2 г. Талачына”

 

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

 

“РАЗВІЦЦЁ ПАЗНАВАЛЬНАГА ІНТАРЭСУ МАЛОДШЫХ

 

 ШКОЛЬНІКАЎ НА ЎРОКАХ РОДНАЙ МОВЫ”

 

 

 

 

                                                       Бірукова Ніна Віктараўна,

                                               настаўніца пачатковых класаў

                                               8 (029) 211-66-81

 

 

 

1. ІНФАРМАЦЫЙНЫ БЛОК

Першы ўрок беларускай мовы ў рускамоўнай школе. “Сёння ў нас незвычайны ўрок. Мы пачынаем вывучаць родную мову. А якая мова для нас родная?” – пытае настаўнік. А дзеці адказаць на гэтае пытанне не могуць. Чаму? Таму, што многія вучні ніколі не чулі беларускай мовы, не сутыкаліся з носьбітамі мовы ў сваім бліжэйшым акружэнні. Ніхто дома па-беларуску не размаўляе, у школе таксама. На маю думку, родная мова, бацькоўскі край, нацыянальная культура, спадчына, пакінутая нам ад продкаў, – гэта самае святое, што ёсць у чалавека.

“Пасябраваць можна з мовай чужой,

ёю валодаць свабодна;

нельга адно здрадзіць роднай сваёй

і адрачыся ад роднай”. В. Жуковіч [5, с. 95]

Вельмі хочацца, каб дзеці не цураліся сваёй мовы, якая ў паўсядзённым жыцці ўжываецца ўсё менш і менш, карысталіся ёю, узбагачалі яе. Я даўно працую ў школе, люблю ўрокі беларускай мовы і літаратуры, з задавальненнем рыхтуюся да іх. У мяне даўно узнікала пытанне, як дапамагчы дзецям палюбіць урокі роднай мовы? Як зрабіць, каб вучням было цікава на ўроку, каб яны знаходзілі задавальненне ад сваёй дзейнасці, каб навучанне было паспяховым?

Зыходзячы з актуальнасці тэмы, мною была вызначана асноўная мэта вопыту – развіццё ўзроўню пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы праз выкарыстанне выпрабаваных сродкаў, прыёмаў, метадаў арганізацыі ўрока.

Задачы:

- вызначыць сродкі, прыёмы і метады, якія садзейнічаюць развіццю пазнавальнага інтарэсу;

- апрабаваць сродкі, прыёмы і метады, якія садзейнічаць развіццю пазнавальнага інтарэсу;

- вызначыць найбольш удалыя і эфектыўныя сродкі, прыёмы і метады,

якія садзейнічаюць развіццю пазнавальнага інтарэсу, актыўнасці вучняў на розных этапах урока, ацаніць іх эфектыўнасць.

 “Інтарэс” у перакладзе з лацінскай мовы азначае “мець важнае значэнне”; гэта тое, што пабуджае чалавека да дзейнасці, вызначае яго адносіны да прадмета.

У навучанні фігуруе інтарэс да пазнання, або, як яго прынята зараз называць, пазнавальны інтарэс. Г. І. Шчукіна лічыць, што пазнавальны інтарэс – “гэта пэўная накіраванасць асобы, звернутая да вобласці пазнання, да яе прадметнага боку і да самога працэсу авалодання ведамі”. [6, с. 11].  На думку Г. І. Шчукінай, фарміраванню пазнавальных інтарэсаў спрыяюць такія групы ўмоў, як змест навучання, працэс пазнавальнай дзейнасці вучняў і адносіны, якія складваюцца ў навучальным працэсе паміж яго ўдзельнікамі (вучні – вучні; вучні – настаўнік). Не сакрэт, што паспяховасць развіцця дзіцяці залежыць ад умоў, пры якіх кожны вучань мог цалкам рэалізаваць сябе, стаў сапраўдным суб'ектам вучэння, які хоча вучыцца і ўмее вучыцца. А гэта шмат у чым залежыць ад майстэрства настаўніка, яго метадычнай падрыхтаванасці.

Работу над праблемай развіцця пазнавальнага інтарэсу на ўроках беларускай мовы пачала 4 гады назад. У сваёй рабоце я абапіраюся на прынцыпы развіццёвага навучання і асобасна арыентаванай педагогікі, таму адбіраю і апрабірую такія метады, прыёмы і сродкі навучання, якія садзейнічаюць развіццю асобы вучня, яго актыўнага мыслення, пазнавальных і стваральных здольнасцей.

2. АПІСАННЕ ТЭХНАЛОГІІ ВОПЫТУ

Вядучая ідэя майго вопыту – гэта аптымальнае спалучэнне традыцыйных метадаў навучання і сучасных развіваючых тэхналогій, што спрыяе ўзбагачэнню зместу навучання, надае яму праблемна-пошукавы характар, спрыяе актывізацыі пазнавальнага інтарэсу навучэнцаў, стымуляцыі разумовай дзейнасці, павышэнню якасці навучання.

         Распрацаваная мною мадэль развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў выглядае наступным чынам:

 

Канкрэтызую некаторыя моманты дадзенай мадэлі.

Прынцыпы.

Прынцып развіцця. Вучань павінен ведаць, да чаго яму імкнуцца і ў якім напрамку развівацца.

Прынцып праблемнасці. Веды ў значнай сваёй частцы не перадаюцца навучэнцам ў гатовым выглядзе, а набываюцца імі ў працэсе самастойнай пазнавальнай дзейнасці ва ўмовах праблемнай сітуацыі.

Прынцып самастойнасці.Развіццё адбываецца толькі ў дзейнасці. Вучні павінны разумець, што на ўроку, каб дамагчыся нават мінімальнага выніку, неабходна абавязкова папрацаваць самастойна.

Прынцып паспяховасці. Калі ў вучня з’яўляецца жаданне працаваць? Тады, калі ён паспяховы. Задача настаўніка – стварэнне сітуацыі поспеху на кожным уроку для кожнага вучня.

Прынцып нагляднасці. Навучанне будуецца не на абстрактных паняццях і словах, а на канкрэтных вобразах, непасрэдна ўспрымаемых вучнем.

Прынцып рэфлексіі. Навучэнец павінен умець аналізаваць сваю дзейнасць, а настаўнік павінен ствараць умовы для для ўсведамленнявучнямісябе ўдзейнасці.

Зыходзячы з прынцыпаў, становіцца зразумелай дзейнасць настаўніка. Ён ажыццяўляе дзейнасны падыход да набыцця ведаў, падбірае такія метады і прыёмы, якія спрыяюць паспяховасці кожнага вучня, актывізуюць разумовыя і інтэлектуальныя здольнасці школьнікаў. А вучні ўключаюцца ў працэс актыўнага пошуку ведаў.

Метады развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў.

Найбольш прывабныя для мяне праблемны і часткова-пошукавы метады.  Гэтыя метады добра стасуюцца з маімі прынцыпамі, забяспечваюць развіццё здольнасцей вучняў. На сваіх уроках вучу аналізаваць, параўноўваць, абагульняць, рабіць вывады, што спрыяе падвядзенню навучэнцаў да ўмення самастойна здабываць веды, а не атрымліваць іх у гатовым выглядзе. Пры магчымасці выкарыстоўваю гэтыя метады на розных этапах урока.

На этапе актуалізацыі вучэбнага матэрыялу вяду з вучнямі дыялог па вывучаным матэрыяле або даю пісьмовае заданне, з якім, упэўнена, усе дзеці паспяхова справяцца. Пахвалю іх. А потым даю такое заданне, пры выкананні якога вучні спатыкнуцца. Знешне заданне выглядае гэтак жа, як усе астатнія, але чамусьці перастае рашацца вядомым спосабам. Дзеці ў здзіўленні – у чым справа? Зۥявілася пытанне, значыць, дзеці на парозе адкрыцця. Узнікае праблемная сітуацыя: наяўных ведаў не хапае, той спосаб, якім вучань валодае, перастае працаваць. [2, с.117]

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Правапіс галосных о, э – а” прапаную вучням запісаць пад дыктоўку словы  горы, дрэва, стол, цэгла. Напісанне гэтых слоў не выклікае ў дзяцей цяжкасцей. Пахвалю вучняў і прадыктую слова драўляны. Вынесу на дошку варыянты напісання: дрэўляны, драўляны. Чаму вы напісалі розныя літары? Якое ўзнікае пытанне? Якой будзе тэма нашага ўрока? Якую праблему будзем вырашаць?

Пачынаецца этап рашэння вучэбнай задачы. Мая галоўная задача – арганізаваць работу так, каб дзеці самі зрабілі “адкрыццё”, вывелі правіла самастойна. Гэта можа быць калектыўная работа (дыскусія, вучэбны дыялог), групавая работа.

- Чаму напісанне слоў горы, дрэва, стол, цэгла не выклікала ў вас цяжкасцей? (Калі не могуць адказаць на пытанне, прапаную паставіць націск у словах). (Галосныя пад націскам)

- Якія галосныя вы напісалі пад націскам? (О, э) Так, у беларускай мове галосныя о, э пішуцца толькі пад націскам.

- Чаму не змаглі гэтак жа ўпэўнена напісаць літару ў слове драўляны? (Галосны не пад націскам).

- Можам не пад націскам напісаць э? (Не, таму што о, э пішуцца толькі ў націскных складах) (Варыянт дрэўляны сціраю з дошкі)

- Якая літара пішацца замест о, э не пад націскам? (А)

Паспяховае рашэнне праблемных сітуацый спрыяе фарміраванню мыслення школьнікаў. Гэта станоўча ўплывае на развіццё актыўнасці, самастойнасці, моўнага чуцця вучняў, на павышэнне іх пісьменнасці, агульнага развіцця, абуджае цікавасць да прадмета.

         Рэфлексія вучэбнай дзейнасці.

Неабходным і абавязковым лічу фарміраванне змястоўнай вучэбнай рэфлексіі на ўсіх этапах ўрока. Яна стварае спрыяльныя ўмовы для ўсведамлення навучэнцамі сваёй вучэбнай дзейнасці, з'яўляецца важным механізмам развіцця асобы.

Рэфлексію настрою і эмацыйнага стану ажыццяўляю з дапамогай наступных прыёмаў: “Фотаздымак” (дадатак 1), “Кветка настрою”, “Лінеечка поспеху” (дадатак 2), “Гномікі”.

Для фарміравання змястоўнай вучэбнай рэфлексіі ў практыцы выкарыстоўваю такія прыёмы і метады: “Закончы сказ”, “Сінквейн”, ”Кластар”, “Ведаю, хачу ведаць, даведаўся”, «Незакончаны сказ».

Для рэфлексіі дзейнасці выкарыстоўваю “Лесвіцу поспеху” (дадатак 4), “Лінеечку поспеху”, “Аўтобусныя прыпынкі”.

Кожны чалавек з радасцю робіць тое, што ў яго добра атрымліваецца. Але любая дзейнасць пачынаецца з пераадолення цяжкасцяў. У рэфлексіўных людзей шлях ад першых цяжкасцяў да першых поспехаў значна карацейшы.

Прыёмы развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў.

Кожны ўрок беларускай мовы ў 1-м і 2-м классе (а пры неабходнасці і ў 3-м)пачынаю з маўленчай размінкі. Яна складаецца з гукавой зарадкі, завучвання, выразнага чытання верша, лічылкі, загадкі, лексічнай работы. Для правядзення гукавой зарадкі выкарыстоўваю гульні “Слухай і паўтарай”, скарагаворкі, чыстагаворкі. Цяжка даецца вучням вымаўленне гукаў [г], [ч], [дж], [ў], таму ў маўленчую зарадку ўключаю невялікія вершы, загадкі, лічылкі, на якіх адпрацоўваю вымаўленне цяжкіх гукаў. Засваенне лексікі вядзецца тэматычнымі блокамі. Колькасць слоў у блоку паступова павялічваецца. Праз некаторыя прамежкі часу праводзіцца паўтарэнне. Дапамагаюць вучням у засваенні лексікі гульні “Перакладчыкі”, “Слова заблудзілася”, “Снежны ком”, “Будзь уважлівы”, «Я ведаю … (5 дрэў, 5 кветак і інш.).

Такая работа дапамагае вучням пераадолець цяжкасці ў вымаўленні гукаў, спрыяе назапашванню лексічнага матэрыялу, развівае памяць, настройвае на творчую работу на ўроку, стварае сітуацыю поспеху.

Уключыцца ў актыўную разумовую дзейнасць ужо з першых хвілін урока дапамагае прыём ”Чыстапісанне-разважанне”. (Дадатак 5)

Кожны раз стараюся падбіраць матэрыял для хвілінкі чыстапісання так, каб ён служыў лагічным “мосцікам” для пераходу да новага этапа ўрока. Па меры магчымасці, змест усяго ўрока раблю тэматычным (у залежнасці ад практыкаванняў падручніка).

Карыстаючыся прыёмам “Скажу па сакрэту” (каму ж не хочацца ўзнаць сакрэт, а можа і падзяліцца ім з сябрамі, бацькамі), уводжу апераджальныя тэмы на асобных ўроках малымі дозамі. У абмеркаванне ўключаюцца спачатку моцныя, потым сярэднія, а затым слабыя вучні . Адна хвіліна працы кожны ўрок (як бы мімаходзь, няўзнак, ненадакучліва) дапамагае падысці да вывучэння новай тэмы з ужо наяўным запасам ведаў і ўменняў. З дапамогай такога прыёму вывучаем  тэмы “Часціны мовы”, “Вызначэнне склону назоўніка і прыметніка”, “Змяненне дзеяслова па часах”, “Займеннік”.

Сродкі развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў

Асноўныя тэмы курса беларускай мовы вывучаем з дапамогай апорных табліц, якія складаем разам з вучнямі. У 2-м класе – гэта “Краіна Грамацеяў”, у 3-4 класах – “Назоўнік”, “Прыметнік”, “Дзеяслоў”. (Дадатак 6)

У пачатку вывучэння тэмы гэта табліца (ліст ватмана) запоўнена “белымі плямамі”. На ўроку адкрыцця новых ведаў вучні мадэліруюць адкрыццё, прадстаўляюць яго ў выглядзе схемы, апоры.

 

Правапіс слоў з літарамі о, э – а

 

О       заўсёды пад націскам       Э                              

                            не пад

націскам

а

вóды – вадá      цэгла – цагліна

Гэтыя схемы змяшчаюцца ў табліцу на дошку. Схема-апора дапамагае дзецям усвядоміць, асэнсаваць усё, што адбываецца на ўроку, выдзеліць галоўнае, растлумачыць, даказаць свае дзеянні. Забытае правіла можна прачытаць па схеме. Чытаем схемы хорам, у парах, індывідуальна. Чытаем сёння, заўтра, тыдзень, а потым ужо і чытаць не трэбаправіла запомнілася. У табліцы на дошцы паступова знікаюць белыя плямы. У канцы вывучэння тэмы, раздзела – гэта маляўніча аформленая апора. Так развіваецца ўменне бачыць вялікую тэму ў цэласным выглядзе.

Схемы знаходзяцца таксама ў “Сшытку адкрыццяў”, які маецца ў кожнага вучня і вядзецца ўсе гады навучання ў пачатковай школе. Матэрыялам сшытка дзеці могуць карыстацца пры неабходнасці на ўроку ў час практычнай работы, пры выкананні дамашняга задання.

Разнастаіць работу з апорамі дапамагаюць прыёмы “Аднаві апору” (дадатак 7), “Лаві памылку”.

Вучні паспяхова засвойваюць вучэбны матэрыял, калі праяўляюць пазнавальную самастойнасць. З гэтай мэтай выкарыстоўваю прыём алгарытмізацыі. Алгарытмы спрыяюць развіццю ў вучняў лагічнага мыслення, фарміраванню навыкаў самакантролю пры вырашэнні арфаграфічнай задачы.

Ужо знаёмая нам тэма “Правапіс галосных о, э – а”.

- А зараз давайце паспрабуем прымяніць наша новае правіла на практыцы. Я прапаную вам выканаць практыкаванне. Давайце прачытаем, што неабходна зрабіць у практыкаванні.

- А як вы будзеце выбіраць, якую літару трэба ўставіць?

- Складаем план нашых дзеянняў. (Адначасова ён з’яўляецца на дошцы).

1. Стаўлю націск.

2. Склад націскны – пішу оабо э.

3. Склад ненаціскны – пішу а.

Для таго, каб убачыць, наколькі асэнсавана дзеці працуюць па алгарытму, выкарыстоўваю заданні “Закончы алгарытм”, “Аднаві алгарытм”.

Эфектыўным сродкам развіцця пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў з’яўляюцца гульнявыя формы навучання, якія выкарыстоўваю на розных этапах урока.  У пачатку ўрока мэта гульні – арганізаваць і зацікавіць дзяцей, стымуляваць іх актыўнасць. У сярэдзіне ўрока дыдактычная гульня павінна вырашыць задачу засваення тэмы; у канцы ўрока гульня можа насіць пошукавы характар.Тэарэтычны матэрыял замацоўваем з дапамогай гульняў “Граматычнае даміно” (дадатак 8), “Граматычнае лато”, “Іду ў госці”(дадатак 9), “Лагічныя ланцужкі” і інш.

Нестандартныя ўрокі.

Эфектыўным сродкам развіцця пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў з’яўляюцца нестандартныя ўрокі, правядзенне якіх я практыкую на працягу шэрагу гадоў. З дапамогай нестандартных урокаў можна вырашыць праблему дыферэнцыяцыі навучання, арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў. Яны звязваюць разрозненыя этапы ўрока ў адно цэлае, дапамагаюць падтрымліваць увагу вучняў, матываваць работу на кожным этапе. Мною праводзіліся ўрок-казка, урок-спаборніцтва, урок-агляд ведаў, урок-падарожжа, урок-сакрэт, урок-сюрпрыз, урок-вусны часопіс, сюжэтныя ўрокі. (Дадатак 10)

Выніковасць і эфектыўнасць вопыту

Эфектыўнасць выкарыстання вопыту ацэньваю па наступных крытэрыях:

1. Адносіны да навучання:

а) назіраецца станоўчая дынаміка актыўнасці вучняў на ўроку;

б) вучні рэгулярна і якасна выконваюць дамашнія заданні;

в) павялічваецца колькасць дзяцей з высокім узроўнем матывацыі ( з 10% у 1-м класе да 30% у 4-м класе);

2. г) на змену трывозе і страху (90% вучняў 1-га класа) прыходзіць спакой, радасць і зацікаўленасць (90% вучняў 4-га класа).

         2. Якасць ведаў – станоўчая дынаміка.

 

Навучальны год

Клас

Якасць ведаў (“6” – “10” балаў)

2011 - 2012

3

85% вучняў

2012 – 2013 

4

90% вучняў

 

3. Удзел у алімпіядах – станоўчы вынік.

 

Навуч. год

Школьная алімпіяда

Раённая алімпіяда

2012 – 2013

Малёнкін Я. – 1-е месца

Аўсюк М. – 2-е месца

Шайтанава Д. – 3-е месца

Камінскі К. – 3-е месца

Малёнкін Я. – дыплом 1-й ступені

Аўсюк М. – дыплом 3-й ступені

 

4. Удзел вучняў класа ў конкурсе “Буслік” – павышэнне  актыўнасці і рэзультатыўнасці.

Навучальны год

Колькасць удзельнікаў

Месца ў школе

Месца ў раёне

2011 – 2012

9 вучняў

Аўсюк М. – 1-е месца

Шайтанава Д. – 3-е м.

Аўсюк М. – 3-е месца

Шайтанава Д. – 8-е м.

2012 – 2013

11 вучняў

Малёнкін Я. – 1-е м.

Аўсюк М. – 2-е месца

Шайтанава Д. – 3-е м.

Камінскі К. – 4-е м.

Свіціна А. – 5-е м.

Камінская М. – 6-е м.

Малёнкін Я. – 1-е м.

(медаль “За высокі 2 вынік”)

Аўсюк М. – 2-е месца

Шайтанава Д. – 3-е м.

Камінскі К. – 5-е м.

Свіціна А. – 6-е м.

Камінская М. – 7-е м.

 

5. Адносіны да пазавучэбнай дзейнасці.

 Вучні класа з’яўляюцца актыўнымі арганізатарамі і ўдзельнікамі пазакласных мерапрыемстваў. Найбольш удалыя і запамінальныя – ранішнік “Гучы, родная мова!”, інфармацыйны час “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, КВЗ “Любі, шануй, ведай родную мову”, свята “Люблю цябе, Белая Русь!”. (Дадатак 11)

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Такім чынам, аналізуючы свой вопыт, прыйшла да высновы, што

выкарыстанне эфектыўных метадаў, сродкаў і прыёмаў навучання, умелае спалучэнне традыцыйных падыходаў і сучасных тэхналогій здольны ў значнай ступені садзейнічаць развіццю асобы вучняў, стымуляваць іх разумовую дзейнасць, пазнавальныя і стваральныя здольнасці, павысіць актыўнасць вучняў на ўроку, садзейнічаць станоўчаму выніку вучэбных і творчых дасягненняў, развіць цікавасць да пазавучэбнай дзейнасці.

Практычная значнасць вопыту складаецца ў тым, што дае настаўніку досыць эфектыўную методыку развіцця ў дзяцей пазнавальнага інтарэсу на ўроках беларускай мовы пры ўмове арыентацыі настаўніка на праблемнае навучанне. Дадзены вопыт можа выкарыстоўвацца на розных прадметах і для рознай узроставай катэгорыі навучэнцаў.

Навізна вопыту ў тым, што выкананы метадычна абгрунтаваны і правераны адбор эфектыўных метадаў, прыёмаў і сродкаў развіцця пазнавальнага інтарэсу вучняў.

         Прывіваць любоў да роднага слова, рабіць новыя адкрыцці, бачыць плён сваёй працы – гэта тое, што прыносіць  радасць і натхненне, што дазваляе з задавальненнем  рыхтавацца да ўрокаў, не спыняцца ў сваім пошуку. У перспектыве хацелася б часцей праводзіць урокі з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый, але на школу – толькі адна мультымедыйная ўстаноўка. У планах – набыццё камп’ютара для кабінета і навучанне дзяцей рабоце з развіваючымі праграмамі і трэнажорамі.

Вопытам сваёй работы па развіцці пазнавальнага інтарэсу малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы дзялілася на пасяджэнні школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, давала адкрытыя ўрокі для бацькоў сваіх вучняў, настаўнікаў школы і раёна. Вопыт работы “Нестандартныя ўрокі як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў” абагульняўся метадычным кабінетам Талачынскага РАА.

Літаратура

1. Богачева, И. В. Обобщение и представление опыта педагогической деятельности : метод. рек. /  И. В. Богачева, И. В. Федоров, О. В. Сурикова ; ГУО «Акад. последиплом. образования». – Минск : АПО, 2012. – 98 с.

2. Воронцов, А.Б. Практика развивающего обучения /А. Б. Воронцов – М: Русская энциклопедия, 1998. – 360 с.

3. Дусавицкий, А. К. 2×2=X? / А. К. Дусавицкий. – Москва: Инфолайн, 1995. – 176 с.

4. Запрудский, Н. И. Моделирование и проектирование авторских дидактических систем: пособие для учителя / Н. И. Запрудский. – Минск, 2008. – 336 с.– (Мастерская учителя).

  1. Незабудкі. Вершы для малодшага школьнага ўзросту / Мінск: Юнацтва, 2000. – 336 с. 

6. Щукина, Г. И. Педагогические проблемы формирования познавательных интересов учащихся. – / Г. И . Щукина. – М.: Педагогика. – 1988. – 208 с.      

ДАДАТАК

Дадатак 1

“Фотаздымак”

У пачатку ўрока да нас часта завітваюць госці – Грамата, героі казак, мультфільмаў. У канцы ўрока настаўнік прапануе сфатаграфавацца з Граматай (Мудрай Савой, Карлсанам і інш.). Вучні выбіраюць магніцік-смайлік, які адпавядае яго эмацыянальнаму стану, і прымацоўваюць да “партрэта” героя (фатаграфуюцца).

                  

Дадатак 2

Лінеечка поспеху

Дыдактычны дапамоднік “Лінеечка поспеху” (выдавецтва “Пачатковая школа”) выкарыстоўваю на розных этапах урока. На лінеечцы ацэньваем гатоўнасць да ўрока, вынікі ўласнай дзейнасці або работы групы, веды па вывучанай тэме, выкананне канкрэтнага задання, эмацыянальны стан.

Дадатак 3

“Лесвіца поспеху”

Вучням прапануецца прымацаваць магніцік-смайлік да прыступкі, якая адпавядае іх уменням: “Упэўнены ў сваіх ведах, магу навучыць другіх”, “Упэўнены ў сваіх ведах”, “Усё зразумела, але былі памылкі”, “Адчуваў цяжкасці”.

Дадатак 4

“Чыстапісанне-разважанне”

1. На дошцы літары: у в б с а п. Дзеці запісваюць літары ў сшыткі.

- Назавіце літары, якія абазначаюць галосныя гукі.

- Назавіце літары, якія абазначаюць зычныя гукі.

- Дайце характарыстыку зычным гукам.

- Састаўце з даденых літар словы. (Суп, вус, пас, сап, бас)

- Састаўце сказ, у якім словы будуць пачынацца з гэтых літар. (Усе вучні будуць сёння акуратна пісаць.)

2. Унаступны раз: а з н о і к н ў.

- Раздяліце літары на 2 групы. (Літары, якія абазначаюць галосныя гукі, і літары, якія абазначаюць зычныя гукі)

- Якая літара лішняя? (Н, паўтараецца 2 разы)

- Складзіце словы. Хто складзе самае доўгае слова? (Назоўнік)

- Чым мы будзем сёння займацца на ўроку? Назавіце тэму ўрока.

3. На дошцы: к л ч н с к з

                        і ы я а ы

- Што агульнага ў літар першага радка? (Абазначаюць зычныя гукі)

- Што агульнага ў літар другога радка? (Абазначаюць галосныя гукі)

- У верхні радок устаўце літары з ніжняга радка. (Клічныя сказы)

- Вызначце тэму ўрока.

4. Хвілінку чыстапісання пачынаем з напісання літары в.

На другім радку запісаны словы: верабей вусень павук.

- Што агульнага ў словах? (У словах ёсць літара в. Гэта назвы жывёл.)

- Якое слова можа быць лішнім? (Павук – літара в знаходзіцца ў сярэдзіне слова. Верабей – у гэтым слове 3 склады. Вусень – няма літары а і г. д.)              

Дадатак 5

Падарожнічаем па “Краіне Грамацеяў”

 

 

Пачынаем вывучаць тэму “Назоўнік”.     У канцы вывучэння тэмы.

 

  

Дадатак 6

Прыём «Аднаві апору»

Дзеці атрымліваюць карткі з часткамі апорнай схемы. Працуючы ў парах або групах, дзеці аднаўляюць апору. Напрыклад, для аднаўлення апорнай схемы “Часціны мовы” дзеці  атрымоўваюць карткі з назвамі часцін мовы, іх значэннямі, пытаннямі, прыкладамі. Працуючы ў групах, шукаюць месца для кожнай карткі ў схеме і прыклейваюць на паперу.

 

Дадатак 7

Гульню “Граматычнае даміно” можна праводзіць у парах або группах. Вучні атрымоўваюць набор картак. Кожная картка падзелена на 2 часткі: адказ і пытанне (у першай картцы – толькі пытанне, у апошняй – толькі адказ). Вучань чытае пытанне і кладзе картку на стол. Той вучань, у якога знаходзіцца картка з адказам, зачытвае адказ і новае пытанне, кладзе картку да першай і т. д. (па прынцыпу гульні «даміно»). Выйграе пара або группа, якая хутчэй выкладзе ўсе карткі. Так на працягу некалькі хвілін вучні паўтараюць матэрыял, сістэматызуюць веды.

Граматычнае даміно”. Тэма “Сказ”

 

Назавіце віды сказаў па мэце выказвання

 

Апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя.

Якія сказы называюцца пабуджальнымі? Прывядзі прыклад.

 

Сказы, у якіх выказваецца заклік да дзеяння, пажаданне, просьба, парада ці загад выканаць нешта.

Якія сказы называюцца апавядальнымі? Прывядзі прыклад.

 

Сказы, з дапамогай якіх людзі паведамляюць пра якія-небудзь падзеі або пра свае думкі або пачуцці.

Якімі могуць быць сказы па інтанацыі?

 

Клічнымі і няклічнымі.

Што такое дзейнік?

 

Галоўны член сказа, які абазначае, пра каго або пра што гаворыцца ў сказе.

Якія сказы называюцца клічнымі? Прывядзі прыклад.

 

Сказы, якія вымаўляюцца больш голасна і выразна, чым астатнія.

Які знак ставіцца ў канцы клічных сказаў?

 

Клічнік. (!)

Назаві галоўныя члены сказа.

 

Дзейнік і выказнік.

Якія сказы называюцца пытальнымі? Прывядзі прыклад.

 

Сказы, у якіх заключаецца пытанне.

Што такое выказнік?

 

Галоўны член сказа, які абазначае, што гаворыцца пра дзейнік і адказвае на пытанні што робіць? Што рабіў?

Які знак ставіцца ў канцы пытальных сказаў?

 

Пытальнік. (?)

Што такое словазлучэнне? Прывядзі прыклад.

 

Два словы, звязаныя паміж сабой па сэнсе.

 

 

Дадатак 8

Гульня “Іду ў госці”

Дзеці дзеляцца на “гаспадароў” (1 варыянт) і “гасцей” (2 варыянт). “Гаспадары” сядзяць за сваімі партамі. У іх маюцца карткі з пытаннямі па тэме (на другім баку карткі – правільны адказ). “Госці” падыходзяць да любога з “гаспадароў”, той задае “госцю” пытанне. Калі адказ правільны, “госць” картку забірае і ідзе да другога “гаспадара”. Выйграе той, хто за адведзены час збярэ больш картак.

Дадатак 9

Нестандартны (сюжэтны) ўрок беларускай мовы ў 2 класе па тэме “Словы, якія абазначаюць прадметы, прыметы і дзеянні”

Мэты. Абагуліць і сістэматызаваць веды вучняў аб часцінах мовы праз

правядзенне нестандартнага ўрока і выкарыстанне займальных форм

навучання; фарміраваць уменне вызначаць часціны мовы;

садзейнічаць развіццю асноўных спосабаў разумовай дзейнасці:

параўнанню, абагульненню, сістэматызацыі;

выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды.

-         АРГАНІЗАЦЫЙНЫ ЭТАП

Весела гучыць званок, яго голас нам знаёмы.

Запрашаем на ўрок беларускай мовы!

II. ЗНАЁМСТВА З ТЭМАЙ І МЭТАЙ УРОКА

Сёння на ўроку мы замацуем, праверым веды па тэме “Словы, якія абазначаюць прадметы, прыметы і дзеянні”. Паглядзім, над чым яшчэ можна папрацаваць па гэтай тэме.

- Ацаніце свае веды па тэме з дапамогай “Лінеечкі поспеху”.

А дапаможа нам зрабіць урок цікавым мастачка Вясна. Сышліся неяк разам 4 мастакі-жывапісцы: Зіма, Вясна, Лета і Восень. Сышліся ды і заспрачаліся, хто з іх лепш малюе. І пачалі мастакі адзін за другім размалёўваць зямлю, апранаць у прыгожыя ўборы лясы, лугі і палі.

Першай узялася за свой чароўны пэндзлік Вясна і стала думаць, якую б ёй карціну намаляваць.Вось сёння на ўроку мы і даведаемся, якую карціну намалявала Вясна. І нават будзем дапамагаць ёў гэта рабіць.

Узяла Вясна свой чароўны пэндзлік і пачала маляваць. А мы папрактыкуемся ў напісанні літар і злучэнняў.

Вва Вве Ввё

вясна кветкі блакітны

- Знайдзіце заканамернасць у напісаных злучэннях літар?

- Якое злучэнне літар будзе наступным?

- Назавіце часціны мовы.

III. ПРАВЕРКА ДАМАШНЯГА ЗАДАННЯ. АКТУАЛІЗАЦЫЯ ВЕДАЎ

А Вясна ўсё працуе сваім чароўным пэндзлікам. Зялёнай фарбай ледзь-ледзь кранула лес – і ён адразу павесялеў. На палянах з’явіліся першыя кветкі.

Гульня “Хто хутчэй убачыць веснавую кветку” (на дошцы – малюнкі кветак са словамі)

л..жыць                       хола..                       с..сновы

ц..чэ                            бера..                        ш..рсцяны

н..суць                        мядзве..ь                  др..ўляная

Падвядзенне вынікаў гульні.

- Якія літары ўставілі? Чаму?

- Што абазначаюць словы, запісаныя на кветках? На якія пытанні адказваюць? Як называюцца?

- Прадоўжыце рад слоў.

- Якія словы называюцца назоўнікамі? Прыметнікамі? Дзеясловамі?

У групах складаецца апорная схема “Часціны мовы” (прыём “Узнаві апору”).

 

Часціны мовы

 


           назоўнік                           прыметнік                              дзеяслоў

 


          абазначае                           абазначае                              абазначае

          прадмет                       прымету прадмета               дзеянне прадмета

                          

          хто? што?                       які? якая?           што робіць? што зробіць?

                                                     якое?якія?           што рабіў?  што зрабіў?                                                                

 

(З дапамогай прыёму “Скажу па сакрэту” вялася апераджальная работа па тэме. У дадзены час дзеці карыстаюцца назвамі часцін мовы, хаця гэта не прадугледжана праграмай).

IҮ. РАБОТА ПА ТЭМЕ

1. Слоўнікавая работа. Назоўнік

І вось ідзе Вясна па лесе, усё заўважае, на ўсім сваім чароўным пэндзлікам след астаўляе. Што яшчэ Вясна ўбачыла ў лесе, мы зараз даведаемся. Я буду чытаць сказы, а вы будзеце запісваць толькі слоўнікавыя словы. (2 вучні працуюць ля дошкі)

Наступіў вясновы месяц сакавік. Цёплы дождж амыў зямлю. Заяц мяняе шэрую шубку на белую. Вылез з берлагу мядзведзь. Звонка грукае дзяцел па старой асіне. Хлопчыкі і дзяўчынкі ідуць на экскурсію ў лес.

САМАПРАВЕРКА З ДОШКІ.

- Якой часцінай мовы з’яўляюцца гэтыя словы? Як вы даведаліся?

- Назавіце словы, якія адказваюць на пытанне хто? На пытанне што?

- Калі словы адказваюць на пытанне хто?, а калі на пытанне што?

- Якія словы называюцца назаоўнікамі?

2. Прыметнік

Радасная вярталася Вясна з лесу. Там, дзе ступала Вясна, з’яўляліся праталіны, зацвіталі кветкі, зелянелі дрэвы. “Прыгожыя атрымоўваюцца малюнкі”, - думала Вясна. А насустрач – Зіма: “Рана ты радуешся!” І дыхнула Зіма холадам і снегам на ўсе карціны Вясны.

- Паглядзіце, дзеці, што атрымалася. (Адкрываецца запіс на дошцы)

Стаіць зімовы дзень. Халодны вецер дзьме ў твар. Па цёмным небе плывуць снегавыя воблакі.

- Сапраўдная зіма завітала ў госці. Прачытайце выдзеленыя словы.

- Якой часцінай мовы яны з’яўляюцца? Як вы даведаліся?

- Замяніце выдзеленыя прыметнікі такімі, каб у тэксце расказвалася пра вясну. (1-ы сказ – з разборам)

САМАСТОЙНАЯ РАБОТА. Спішыце, замяняючы выдзеленыя словы так, каб у тэксце расказвалася пра вясну.

ПРАВЕРКА.

- Прыгожы малюнак атрымаўся. Якія словы дапамаглі нам? (Прыметнікі)

- Падкрэсліце прыметнікі. Якія словы называюцца прыметнікамі?

ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА. (“Чапля”. Гульня “Гусі ляцяць”)

3. Дзеяслоў

Спяшаецца Вясна.Усюды трэба пабываць, усюды паспець. Але што гэта? З усіх бакоў ляцяць да Вясны птушкі, шчабечуць, аб нечым просяць. І рашыла Вясна дапамагчы птушкам: напомніць дзецям аб іх маленькіх сябрах.

- Якую карысць прыносяць птушкі?

НА ДОШЦЫ – карціна Скамарохава “Сябры птушак”

- Паглядзіце на карціну і скажыце, як дзеці дапамагаюць птушкам.

- Якія дзеясловы можна выкарыстаць, расказваючы пра змест карціны?

РАБОТА Ў ПАРАХ. Адкажыце на пытанні пісьмова.

- Адкуль вяртаюцца шпакі?

- Што зрабілі для іх дзеці?

ПРАВЕРКА.

- Падкрэсліце дзеясловы.

- Якія словы называюцца дзеясловамі?

“Малайцы, дзеці, - падумала Вясна, - падрыхтаваліся да сустрэчы птушак”. І вы, дзеці, таксама папрасіце тат, старэйшых брацікаў, каб яны дапамаглі вам зрабіць шпакоўні. А птушкі вам аддзячаць.

4. Праверачная работа

Дапамагла Вясна птушкам і рашыла завітаць у госці да дзяцей. І пра гэта расказаць у сваіх карцінах.

- Які зараз галоўны клопат дзяцей? (Падрыхтавацца да свята 8 Сакавіка)

- Які ж пайлепшы падарунак для вашых мам, бабуль, настаўніц, сястрычак? (Добрыя веды, добрыя паводзіны)

Гульня “Складзі букет” (на дошцы – малюнкі кветак і ваз)

- Зараз мы зможам скласці букеты для мам. А для гэтага вы павінны паказаць свае веды па вывучанай тэме.

 ПРАВЕРАЧНАЯ РАБОТА (па падручніку). Запісаць словы ў 3 слупкі: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы.

- Той, хто лічыць, што выканаў заданне правільна, можа паставіць кветачку ў наш букет. (САМААЦЭНКА)

Ү. ВЫНІК УРОКА.

А Вясна ідзе па лясах, па палях, па вёсках і гарадах. Ходзіць у прыгожай зялёнай сукенцы. Дзе ступіць раз – кветка расцвіце, ступіць другі – дрэва зазелянее, ступіць трэці – птушкі заспяваюць. Цудоўная атрымалася карціна.

- А дзе мы зможам убачыць усё гэта? (У лесе, у парку- на вуліцы)

- Так, многа цікавага можна ўбачыць, калі уважліва прыгледзецца і прыслухацца.

НА ДОШЦЫ.

Дзеці, ведайце, што цуды

Толькі тым вясна пакажа,

Хто не скрыўдзіць і мурашкі,

Хто з прыродаю сябруе,

Птушак і звяроў шануе.

- Як вы разумееце гэтыя словы?

- Чаму мы вучыліся на ўроку?

- Якія словы называюцца назоўнікамі? Прыметнікамі? Дзеясловамі?

ҮI. РЭФЛЕКСІЯ.

- Ацаніце свае веды па тэме з дапамогай “Лінеечкі поспеху”.

- У каго бегунок лінеечкі падняўся вышэй?

ҮII. ДАМАШНЯЕ ЗАДАННЕ

Адпрацаваць уменні па тэме, паглыбіць веды вы можаце дома з дапамогай картак. (Дыферэнцыраванае дамашняе заданне – работа па картках рознага ўзроўню)

Дадатак 10

Свята “Люблю свой край”